Абрад выкліканьня дажджу
У межах экспедыцыі СЭТ па Докшыцкім, Вілейскім і Лагойскім раёнах 12 жніўня запісалі абрад выкліканьня дажджу на Лагойшчыне.
Абрад жывы, летась яшчэ рабілі. У "Сакральнай геаграфіі Беларусі" Л.Дучыц напісана, што трэба, каб сабралася 9 удоў і на калах паднялі Сьвяты камень, да якога ў іншыя дні ходзяць прасіць здароўя. На камяні высечаны "талеркі", вада зь якіх лякуе вочы. Просячы, камяню ахвяруюць кветкі, грыбы, ягады, яблыкі, грошы, на Вялікдзень - яйкі. Часамі заходзяць да камяня проста ідучы ў лес ці выходзячы з лесу, калі няма нічога з сабой, кладуць на камень хоць галінку. Цяпер ужо, ходзячы выклікаць дождж, жанчыны не пільнуюцца лічбы 9, наўпрост зьбіраюцца, хто хоча, і ідуць. Прыўзьняўшы камень на калах, падкладаюць каменьчык паменей, і чакаюць дождж, які павінны пайсьці на працягу 3-х дзён. Пакуль трэба дождж, Сьвяты камень не апускаюць. калі дажджу ўжо дастаткова, каменьчык і калы выцягваюць. пра "талеркі" на камяні кажуць, што гэта Бог спусьціўся, пастаяў, і назад падняўся. 2 ступакі, а маленькае кола - "дык гэта, мабыць, рукой абапёрся". Яшчэ расказваюць, што звычайныя камяні растуць, а гэты, сьвяты, не расьце. Ня так даўно ля камяня бабулямі былі заўважаны нейкія раднаверы, што, прымаючы неафіта ў свае шэрагі, білі па камяні абухом сякеры, павалілі крыж, у якім сякеру й пакінулі. замест крыжа паставілі стод Дажбога. Дажбож'ім Сьвяты камень цяпер не завуць, згадка такой назвы зафіксавана адно ў літаратуры. як патлумачыць сучасным "язычнікам", што сьвятыні трэба шанаваць так, як прынята ў гэтай мясцовасьці, а не так, як камусьці прыйшло да галавы? Мы прыехалі 11га жніўня, а 8-ай вечару, з дапамогай Тацьцяны Мартынаўны, мясцовай "нефармальнай лідаркі", сталі зьбіраць бабуль на заўтра. Некаторыя ўжо спалі, згоду далі толькі шасьцёра. назаўтра 2 з 6 адмовіліся ўдзельнічаць. але знайшліся іншыя ахвотныя і сабралася нават 10 удоў. Цалкам супольнасьць, што шануе камень, налічвае недзе 15 актыўных удзельніц. Бабулі прыходзілі не з пустымі рукамі, хрысьціліся, чыталі малітвы, цалавалі камень. Пасьля запісу абрада папрасілі сабраць ахвяраваныя камяню грошы й завезці ў Менск да якой-небудзь царквы. Я ахвяравала іх у пераходзе "сястры міласэрнасьці" з каробачкай. Тая прапанавала напісаць цыдулкі за здароўе. я пачала пералічваць імёны бабуль. і тут цётка кажа: "Толькі каб каталікоў не было ў сьпісе!". Я пытаюся "А што каталікі?." Яна: "Ну, у нас жа праваслаўная царква!"
Фота пераважна Віталя Правалінскага:
Источник:
http://alena-rosica.livejournal.com/2973.html |